ТРАКТ ПАШТО́ВЫ (польск. trakt ад лац. traktus літар. — валачэнне),

у Рэчы Паспалітай і Расіі шырокая палепшаная грунтавая дарога (шлях), якая злучала найважнейшыя населеныя пункты. Мела станцыі (пастаялыя двары) і верставыя слупы. Па Т.п. ішлі рэгулярныя перавозкі пасажыраў, грузаў, пошты (паштовыя Т.п. з паштовымі станцыямі). З 19 ст. Т.п. з цвёрдым пакрыццём наз. шашой (гл. таксама Шашэйная дарога).

Т.п. на Беларусі з’явіліся ў 16 ст. ў час стварэння пошты. У 1583 адкрыты паштовыя зносіны па Т.п. Варшава—Беласток—Гродна. У сувязі з адкрыццём у 1596 у Варшаве паштамта Т.п. звязалі Варшаву з усімі гарадамі Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй была ўстаноўлена паштовая сувязь Маскоўскай дзяржавы з Зах. Еўропай. Т.п. працягнуўся ад Масквы праз Смаленск—Магілёў—Мінск да Вільні. У канцы 17 ст. ў ВКЛ пачалі пракладваць новыя дарогі, будаваць станцыі, але Паўночная вайна 1700—21 перашкодзіла давесці работы да канца. Паляпшэнне Т.п. пачалося пасля прыняцця вял. кн. ВКЛ і каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1764 Генеральнага рэгламенту. У 1772 адкрыты часовы Т.п. Пскоў—Полацк, потым С.-Пецярбург—Нарва—Пскоў—Полацк—Талачын—Магілёў, на якім былі створаны 134 паштовыя станцыі (пазней Т.п. працягнуты да Кіева і Адэсы). У пач. 19 ст. ўсе дарогі Рас. імперыі былі падзелены на разрады: гал. паштовыя і пабочныя паштовыя (уласна гэта былі Т.п.), вял. праезджыя, ваен. і інш., якія таксама атрымалі нумары. Напр., паштовая дарога С.-Пецярбург—Екацярынаслаў, вядомая як Беларускі Т.п., мела №148. З крас. 1827 па Т.п. Беларусі пайшлі першыя дыліжансы. З 1830-х г. бел. Т.п. брукавалі каменнем. З развіццём чыг. транспарту значэнне Т.п. знізілася. Іншаземцы ў час войнаў на бел. землях таксама будавалі Т.п. Гл. таксама Пошта.

У.​К.​Зарэмскі.

т. 15, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)